РУС БЕЛ ENG

История, традиции, достижения учреждения образования

Старонкі гісторыі адукацыі ў Варнянах

        Варнянскае прыходскае вучылішча было заснавана ў 1836 годзе (па іншых звестках у 1846 годзе) у мястэчку Варняны. Яно было сельскім аднакласным. Вучылішча размяшчалася ў грамадскім будынку бясплатна. У Варнянскім, як і ў іншых вучылішчах, выкладалі дзецям Закон Божы, рускую і царкоўнаславянскую мовы, чытанне, чатыры першыя дзеянні арыфметыкі і царкоўныя спевы. Закон Божы вялі святары ці, як іх называлі, законанастаўнікі, астатнія прадметы - настаўнікі. Адным з першых настаўнікаў тут працаваў выхаванец Цвярской духоўнай семінарыі Васілій Аляксеевіч Мікольскі.У 1886 - 1887 навучальным годзе ў Варнянскім прыходскім аднакласным сельскім вучылішчы займалася 58 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка, а іх настаўнікам быў выпускнік Яраслаўскай духоўнай семінарыі М.В. Сперанскі. Закон Божы вёў ксёндз Ігнацій Бржазоўскі. 

     Першае народнае вучылішча на Астравеччыне заснавана ў 1851 годзе. У 1901 годзе на Астравеччыне дзейнічала 6 народных вучылішчаў: Астравецкае, Быстрыцкае, Варнянскае, Гярвяцкае, Жалядскае, Кямелішкаўскае. У 1900-1901 навучальным годзе тут вучылася 65 дзяцей, у ліку якіх была толькі адна дзяўчынка. У канцы 19 - пачатку 20 стагоддзя настаўніцай працавала Марыя Сакалова, якая мела званне настаўніцы народнага вучылішча. Законанастаўнікам быў каталіцкі святар, выпускнік Віленскай каталіцкай семінарыі Міхаіл Глямбоцкі.

       У выніку Рыжскага мірнага дагавора ад 18.03.1921 года заходнебеларускія землі адышлі да Польшчы. Да 1924 года засталося толькі 37 беларускіх школ і 4 гімназіі з абмежаванымі правамі. Астатнія школы былі зачынены або пераўтвораны ў польскія. Так на Астравеччыне было закрыта 9 літоўскіх школ. Палякі зачынялі не толькі беларускія і літоўскія, але ўкраінскія і яўрэйскія школы, звальнялі з пасад настаўнікаў, якія вялі навучанне на роднай мове.

      У 30-я гады 20 стагоддзя школа ў мястэчку размяшчалася ў звычайнай драўлянай хаце з невялікімі вокнамі. Яна знаходзілася на месцы сучаснага Варнянскага лясніцтва.

       Насельніцтва Варнян у гэты час было неаднародным. Тут пражывалі беларусы, яўрэі, палякі, літоўцы.

     13 верасня 1937 года ў Варнянах была адкрыта сямігадовая школа, пабудаваная польскімі ўладамі. Яна размясцілася ў цэнтры вёскі. Школа мела тыпавы выгляд для польскіх школ таго часу. Будынак быў вялікі, з прасторнымі, светлымі класамі, з пячным ацяпленнем.

       У час Вялікай Айчыннай вайны заняткі ў школе былі спынены, а ў будынку размясцілася казарма .

     Восенню 1945 года Варнянская школа аднавіла сваю работу. Пасля вызвалення жыццё Астравеччыны пачало паступова адраджацца. У 1951 годзе Варнянская сямігодка рэарганізавана ў сярэднюю школу. А ўжо ў 1952 зрабіла свойпершы выпуск у якасці сярэдняй. 5 выпускнікоў Варнянскай сярэдняй школы атрымалі атэстаты об сярэдняй адукацыі.

        У 1977 годзе сярэдняя школа справіла сваё наваселле - атрымала новы сучасны трохпавярховы будынак.

       У 1977 годзе 100 выпускнікоў пайшлі ў жыццё са сцен новай Варнянскай школы. У 1978 годзе выпускнікоў было 101 (гэта самы вялікі выпуск за ўсю гісторыю школу).

        Новы трохпавярховы будынак размясціўся ў цэнтры Варнян.

Цікава ведаць, што…

За ўсю гісторыю існавання школы ў Варнянах працавалі больш за 180 настаўнікаў, 3-ю частку складалі педагогі-мужчыны (прыкладна 54 настаўнікі).

З 1952 г. школа існуе як сярэдняя. За гэты час атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымалі каля 2,5 тысяч выпускнікоў.

Першай вучаніцай, якая закончыла нашу школу і стала настаўніцай, была Гражуль Марыя Уладзіславаўна (Кісялевіч Марыя).

За ўсю гісторыю школы быў клас, дзе вучыліся два вучні, якія ў будучым абаранілі доктарскія дысертацыі ў галіне філасофіі. Гэта выпускнікі 1964г. Ціхановіч Ян і Адула Тадэвуш.

Першай залатой медалісткай у нашай школе была Навіцкая Лілія, выпускніца 1980-га года.

Сярэбранай медалісткай у 1962 г. стала Лукша Ганна.

За гісторыю школы было 75 медалістаў, 71 медаль уручала Субач Н.А.

З 46 залатых медалістаў, 36 медалёў былі ў дзяўчат, а 10 - у юнакоў.

З 29 сярэбраных 6 былі ў юнакоў, а 23 - у дзяўчат.

Самы багаты “ўраджай золата” сабрала сям’я Раманчыкавых - 3 залатыя медалі. Іх атрымалі Марына, Святлана, Аляксей Раманчыкавы.

Выпускнікі 1971 года Бутовіч Ірына Браніславаўна, загадчык аддзела палітыкі і інфармацыі пры Прэзідэнце РБ і Кезля Алег Пятровіч, доктар медыцынскіх навук, загадчык кафедры траўматалогіі і артапедыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядэпломнай адукацыі былі сябрамі-аднакласнікамі

Сёння наша ўстанова - гэта сучасная, прыгожая ўстанова, якая забяспечвае атрыманне дашкольнай, пачатковай і агульнай сярэдняй адукацыі.