Загадкі-рыфмаванкі пра расліны
1. Маніць чырванню пладоў
Шчыльная сцяна кустоў.
На калючкі не крыўдуй,
Лепш плады іх пакаштуй.
Не шукай наўпрост дарог:
жываплотам вырас глог.
2. Беларускай ружай клічуць.
Пчолкі кветкі ёй казычуць.
Як пялёсткі абляцелі -
Хутка і плады паспелі.
Толькі есці іх не варта.
Лепей кінуць у гарбату.
Мноства розных вітамінаў
назапасіла шыпшына.
3. Красавала, чырванела
кветачка на градках.
Як пялёсткі абляцелі - засталася хатка.
Патрасеш - яна звініць.
Хто у хаціне той сядзіць?
Булкам адмысловы смак
надае звычайны мак.
4. За плот чапляецца вусамі
сцябло з тугімі гаманцамі.
У гаманцах сядзяць сынкі,
гадуюць круглыя бакі.
Калі вусач пажоўк, засох,
глядзі: пара збіраць гарох!
5. Краску клічуць пустазеллем:
рвуць усе, ніхто не сее.
Пчолкі ў жыта залятаюць,
неба кропелькі шукаюць.
Ведае, напэўна, кожны
Нашы сціплыя валошкі.
6. У траве ў зялёнай свіце
Да ўзыходу сонца спіць ён.
А як сонейка вітае – золатам кашуля ззяе.
Раптам зробіцца надзьмуты
У пухнатым белым футры.
А пад ветрам гайданецца –
Дык у момант распранецца.
Што за модны маладзец?
Ну, вядома ж, дзьмухавец!
7. Мы расцем не на градзе, мы красуем на вадзе.
Першы белы, як сняжок, другі жоўты, як жаўток.
Не зрывайце нас дарма: без вады жыцця няма.
Пчолка кветку апыляе – кветка пад ваду нырае.
Пад вадой плады саспеюць, і вада іх будзе сеяць -
Круглыя, як мячыкі кветачкі-гарлачыкі.
8. Што за куст цвіце букетамі ,
Фіялетавымі кветкамі?
Зломім па галінцы ўсе ,
Ў хату радасць прынясем.
Абламайце хоць увесь,
Крыўдаваць не будзе бэз.
9. Паўсюль вы сустрэнеце гэтыя кветкі:
Блакітныя вочкі і жоўтыя зрэнкі.
На лузе, у лесе, па ўскрайку балота
Растуць яны дружна. Збірай у ахвоту.
Калі прыварот трэба моцны ды хуткі,
Каханку на грудзі кладзі незабудкі.
10. Паміж двух лістоў – драточак.
На драточку – сем званочкаў.
Пчолкі ў званочкі б’юць
І мядок дамоў нясуць.
І ў лісточках, і ў кветках
І атрута ёсць, і лекі.
Можа , некалі пасадзіш
Ты на клумбе белы ландыш.
11. Лісточкі-далонькі і золата- кветкі.
Трымайцеся з імі абачліва, дзеткі!
У кветачкі гэтай атрутныя сокі:
На скуры ад іх застаюцца апёкі.
Рукамі пакраталі – вочкі шкадуйце:
Пякучым спрадвек называецца люцік.
12. Жоўтае сонейка ў белых пялёстках –
Кожны з нас ведае кветачку простую.
П’ем з ёй гарбату (прастуда міне),
З ёю варожым (кахае ці не).
Дык пра якія тут кветкі гамонка?
Ты здагадаўся? Вядома ж, рамонкі!
13. Узімку цыбулінка спіць-спачывае.
Прачнецца – і кветкі наволю пускае.
Хай снег, хай мароз – у вясновым падлеску
Красуюць блакітныя кветкі – пралескі.
14. Што пахне на лузе так соладка ўлетку?
Трайныя лісточкі ды шарыкі-кветкі.
Карове, каню ды сямейцы трусінай
Наш Яська пайшоў накасіць канюшыны.